У артыкуле медыядыскурс трактуецца як палітэкставая структура, у якой арганізуецца пэўнае
паведамленне ў сродках масавай камунікацыі на фоне інтралінгвістычных заканамернасцей і
экстралінгвістычнай парадыгмы, што ўключае ў сябе пазатэкставую інфармацыю (прэсупазіцыя,
умовы ўзнікнення і планавання, перлакутыўны эфект і інш.). Робіцца выснова пра тое, што інтэрпрэтацыйны складнік камунікацыі паміж журналістам і рэцыпіентам выяўляецца найбольш выразна і дакладна менавіта ў медыядыскурсе. Аўтар вызначае ролю дыскурснай інтэрпрэтацыі ў сучаснай адрасатацэнтрычнай мадэлі камунікацыі, апісвае паняцце «інтэрпрэтацыя» і верыфікуе яго ў тэкставай дзейнасці журналіста, разглядае фактары, якія ўплываюць на канчатковы вынік інтэрпрэтацыйнага працэсу. У артыкуле апісваецца анталогія камунікатыўных рызык ў медыя пры інтэрпрэтацыі паведамленняў іх стваральнікам, прасочваецца ўзаемасувязь паняццяў «інтэрпрэтацыя» і «аб’ектыўнасць» у журналістыцы, аналізуюцца інтэрпрэтацыйныя ваганні пры рэпрэзентацыі паведамлення ў сродках масавай камунікацыі. На матэрыяле шэрагу беларускіх медыя вызначаюцца асноўныя віды дыскурснай інтэрпрэтацыі па спосабе прадастаўлення (яўная і няяўная), а таксама выяўляюцца інтралінгвістычныя (выкарыстанне эмацыянальна-ацэначнай лексікі, увядзенне інтэртэксту і вербалізацыя канцэптуальных адзінак) і экстралінгвістычныя спосабы інтэрпрэтацыйнай дзейнасці журналістаў (факусаванне, акцэнтаванне і аўтарская інтэнцыянальнасць).