Разглядаецца дыскурсіўная самастойнасць афарыстычных адзінак на матэрыяле беларускай, рускай, польскай і англійскай моў. Устаноўлена, што афарызмы здольны захоўваць пры ўжыванні ў любых відах дыскурсу нязменнасць формы і зместу, а таксама функцыянальную незалежнасць ад кантэксту ў структурным і зместавым плане. Такая якасць афарыстычных адзінак кваліфікаваная як іх дыскурсіўная самастойнасць. Яна абумоўлена трыма фактарамі (зместавай аўтаномнасцю, функцыянальнай незамацаванасцю, дыскурсіўнай адасобленасцю), якія знаходзяцца ў адносінах паслядоўнай дэтэрмінацыі (зместавая аўтаномнасць абумоўлівае функцыянальную незамацаванасць, з якой вынікае дыскурсіўная адасобленасць). Магчымыя трансфармацыі і мадыфікацыі афарызма ў кантэксце не ўплываюць на нязменнасць яго формы і зместу ў нейтральнай пазіцыі (па-за кантэкстам). Дыскурсіўная самастойнасць афарызма дэтэрмінуе магчымасць яго вылучэння з маўлення як асобнага тэксту. Дыскурсіўная самастойнасць з’яўляецца аблігаторнай прыметай афарызма, але не набывае субстанцыянальнай значнасці (не з’яўляецца спецыфічнай), хоць і мае адметны характар у афарыстычных адзінках.