Акрэслена спецыфіка паняццяў “акадэмічнае выданне” і “даведнік” як самастойных тыпаў дакументаў, прызначаных даследчыкам і ўсім, для каго тэматыка твора з’яўляецца аб’ектам уважлівага і дэталёвага вывучэння. Раскрыта сутнасць тэрміна “акадэмічны даведнік па арфаграфіі”. Устаноўлены асноўныя тыпалагічныя прыкметы першага ў беларускім мовазнаўстве адначасова навуковага, вытворча-практычнага, вучэбнага, папулярнага і бытавога акадэмічнага даведніка “Сучасная беларуская арфаграфія”. Выяўлены і сістэматызаваны тыповыя лінгвістычныя і рэдактарскія падыходы, не зусім апраўданыя з пунктаў гледжання лагічнасці структуры і абгрунтаванасці зместу дапаможніка, адрасаванага не толькі падрыхтаваным карыстальнікам. Распрацаваны парады, рэкамендацыі і патрабаванні для рэдактараў і аўтараў па ўдасканаленні працы над беларускамоўнымі арфаграфічнымі выданнямі.