Другая палова ХХ стагоддзя і асабліва два апошнія дзесяцігоддзі прадэманстравалі павышаную цікавасць паэзіі да стварэння ўсіх магчымых цвёрдых жанравых формаў. З’явіліся шматлікія беларускія газелі, хоку, туюгі, танкі, рандо, трыялеты і, безумоўна, санеты. Іх колькасць прывяла да эксперыменту над формай. Напрыклад, у санетыстыцы з’явіліся такія разнастайнасці гэтай вытанчанай формы верша, як «безгаловы» і «бязногі», «хвастаты» і «перавернуты» і іншыя, нетрадыцыйныя віды санетаў. Ускладнялася архітэктоніка санетных твораў, якія афармляліся ў паэмы, напісаныя санетнымі строфамі, вянкі санетаў і вянкі вянкоў санетаў. Пачатак ХХІ стагоддзя не страціў дасягненні санетыстыкі мінулых гадоў. Але эксперыментальныя пошукі сталі больш рацыянальнымі, прадуманымі. Санету вярнулі яго класічнае прызначэнне – паказваць разнастайныя пачуцці, перажыванні, выкліканыя філасофскімі развагамі пра галоўныя каштоўнасці чалавечага жыцця. Безумоўна, свой унёсак ў развіццё сучаснага санета зрабілі і постмадэрністы. Дыскутуючы пра бесперспектыўнасць дадзенай цвёрдай жанравай формы, яны ствараюць цікавыя формы санетаў: аплікаванага, санета-брахікалана, санета-газелі, санета-туюга, санета-цэнтона, трайнога санета і інш. У першую чаргу тут неабходна адзначыць творчасць Сержа Мінскевіча, Юрася Пацюпы і Таццяны Барысюк. Такім чынам, эксперымент над формай санета працягваецца і ў ХХІ стагоддзі.