Настаўніцтва, якое ў другой палове XIX – пачатку ХХ ст. складала значную частку інтэлегенцыі Беларусі, стала неаддзельнай часткай сацыяльнай структуры і адыгрывала ў жыцці грамадства важную асветніцкую ролю. Без разумення дасягненняў і праблем гістарычнага мінулага, якое залажыла асновы прафесійнага статусу педагога, немагчыма правільна і якасна сфармуліраваць праграму сацыяльнага развіцця гэтай групы ў сучасных умовах. Вялікае значэнне ў рэканструкцыі мінулых падзей маюць гістарычныя крыніцы, якія дапамагаюць запоўніць прагалы ў навуковым пазнанні праблемы. Да іх адносяць усё, што створана ў працэсе дзейнасці людзей, што нясе інфармацыю аб розных баках грамадскага жыцця і служыць асновай для навуковага пазнання. Гістарычныя крыніцы па гісторыі настаўніцкай інтэлігенцыі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. умоўна можна падзяліць на некалькі груп: 1) заканадаўчыя акты і нарматыўныя дакументы, якія рэгламентавалі дзейнасць адміністрацыйных і грамадскіх органаў, адказных за развіццё народнай адукацыі; 2) справаводчая дакументацыя; 3) статыстычныя матэрыялы і дакументы даведачнага характару; 4) перыядычны друк; 5) крыніцы асабістага паходжання. Сярод іх ёсць як апублікаваныя, так і неапублікаваныя (у асноўным архіўныя) дакументы і матэрыялы.