У 60-70-я гг. XX ст. значная частка лясоў заказніка «Налібоцкі» была меліяраваная. На пачатку гэта дало значны лесаводчы эфект, які выразіўся ў павышэнні агульнай прадукцыйнасці лясоў, транспартнай даступнасці ляснога фонду і г. д. З часам, з-за адсутнасці патрэбнага догляду за гідралесамеліярацыйнымі сістэмамі, пачалі праяўляцца негатыўныя наступствы, а менавіта падтапленне лясоў, у тым ліку звязанае з жыццядзейнасцю баброў. На аснове палявых геабатанічных матэрыялаў, сабраных летам 2019 г., і звестак лесаўпарадкавання прааналізаваныя асаблівасці сучаснага стану экасістэмаў заказніка “Налібоцкі”, якія раней былі падвергнутыя асушальнай меліярацыі (Валожынскі і Стаўбцоўскі лясгасы). Праведзены аналіз паказаў, што большасць гідралесамеліярацыйных сістэмаў прыйшлі ў заняпад i не выконваюць свае функцыі. Асушальная сетка зарасла расліннасцю, каналы збольшага заіленыя, вадацёк у іх адсутнічае. Такім чынам, праблема ўздзеяння асушальнай меліярацыі на лясныя экасістэмы застаецца актуальнай. Быў дадзены шэраг рэкамендацый па далейшым функцыянаванні асушальнай сеткі ў залежнасці ад тыпу балота, ступені парушанасці і інш.