Назапашаны ў Беларусі чалавечы капітал выкарыстоўваецца не эфектыўна, што вядзе да яго скарачэння, эрозіі. Скарачэнне адбываецца за кошт вонкавай эміграцыі больш адукаваных і актыўных працаўнікоў у параўнанні з імігрантамі, а таксама звужанага ўзнаўлення чалавечага капіталу з-за нізкай аддачы ад адукацыі. Паніжэнне ўзроўню аплаты працы ў сферы адукацыі зніжае прэстыжнасць працы педагогаў і становіцца менш прывабнай сферай для таленавітай моладзі. Даследаванне паказала, што ў Беларусі ўзровень сярэдняй заработнай платы ў сферы адукацыі стабільна ніжэйшы за сярэдні ўзровень у краіне. Гэта вядзе да паніжэння якасці выкладання ў доўгатэрміновай перспектыве, да паніжэння якасці адукацыі ў краіне, а таксама да паніжэння ўзроўню аддачы ад чалавечага капіталу.