У тэкстах навуковага стылю 1920 – 1930-х гг. адзначана выкарыстанне лексіка-граматычных адзінак, якія выражаюць семантыку дакладнай колькаснай меры ў канструкцыях з кампаратывам, што матывавана выкарыстаннем лічбавых даных. Прадстаўлена класіфікацыя сродкаў дакладнай квантыфікаванай меры, найбольш ужывальныя ахарактарызаваны паводле камунікатыўнай функцыі, у тым ліку адносна падстыляў навуковага стылю. Адзначана, што дынаміка ў выкарыстанні некаторых сродкаў меры закранула формы прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых колькасна-іменных канструкцый, якія ў 1930-я гг. сталі выходзіць з ужытку. Паказана, што сінтаксічныя канструкцыі з кампаратывам і залежныя ад яго сродкі квантыфікаванай меры могуць выступаць стылеўтваральным сродкам у навуковай разнавіднасці літаратурнай мовы, аналіз якіх дазваляе разглядаць беларускую літаратурную мову як стылістычна аформленую і разгалінаваную, улічваючы, што яе сродкі знаходзіліся ў стадыі ўдасканалення і пераразмеркавання паміж варыянтнымі разнавіднасцямі навуковага стылю.