У артыкуле ўпершыню суадносіцца рэдакцыйна-выдавецкая практыка заходнебеларускага літаратурна-навуковага часопіса «Калоссе» (1935−1939) з літаратурным і архіўна-пошукавым працэсам у савецкім Мінску. Акцэнтуецца ўвага на творчых і навуковых прыярытэтах, крытычным стаўленні да друкаванай прадукцыі, а таксама на прыцягненні ў сферу разгляду выданняў беларускай дыяспары ў еўрапейскіх краінах. На прыкладзе асобных артыкулаў дэманструецца паслядоўная праца заходнебеларускіх даследчыкаў з архіўнымі зборамі Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. У полі зроку знаходзіцца інтэлектуальны вектар навукова-даследчай дзейнасці ў Заходняй і Усходняй Беларусі, укараненне дасягнутых вынікаў. Асобна разгледжаны публікацыйныя варыянты артыкула Міхася Ларчанкі і Любові Фіглоўскай «Новыя матэрыялы аб беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя» − у праекцыі на навуковыя і адукацыйныя запыты ў беларускіх грамадска-культурных рэаліях па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Вызначаецца асноўная спецыфіка нацыянальнай выдавецкай, навукова-даследчай, архіўна-пошукавай дзейнасці. Праводзіцца спроба карэляцыі некаторых аспектаў жыццядзейнасці культурна-асветніцкай, акадэмічнай, адукацыйнай сфер Заходняй і Усходняй Беларусі. Даецца кантэкстуальная характарыстыка еўрапейскіх культурных і навуковых актуалій, а таксама ўмоў развіцця культуры нацыянальных меншасцей у міжваеннай Польшчы, абставін новага сацыяльнага будаўніцтва ў БССР