Артыкул прысвечаны даследаванню культурна-маркіраваных фразеалагізмаў беларускай мовы і апісанню іх вобразна-сэнсавай асновы. Побытавыя і гістарычныя рэаліі, светаўспрыняцце, сімвалічны код народнай культуры, адлюстраваныя ў фразеалагізмах, дазваляюць разглядаць іх як аб’ект лінгвакультуралагічнага аналізу. Асаблівая ўвага надаецца інтэрпрэтацыі вобразна-сэнсавай асновы ўласна беларускіх фразеалагізмаў, разгляду культурных маркераў, асаблівасцей развіцця фразеалагічнага значэння і працэсу фразеалагізацыі асобных кампанентаў. Выяўлены тыпы культурна-маркіраваных фразеалагізмаў: 1) фразеалагізмы з адметным вобразна-сэнсавым значэннем, абумоўленым пераасэнсаваннем дэнататыўнага значэння аднаго з кампанентаў; 2) фразеалагізмы са своеасаблівай экспрэсіўнай і ацэначнай афарбоўкай, абумоўленай пашырэннем экспрэсіўнасці аднаго з кампанетаў; 3) фразеалагізмы з адметным культурна-нацыянальным значэннем, якое абумоўлена цеснай сувяззю з сімваламі ў пазамоўнай рэчаіснасці, або міфалагізацыяй прадметаў і дзеянняў у народнай свядомасці. Знакавы характар значэння адзінак пацвярджаецца замацаванасцю сімвалаў ў народных павер’ях, прыкметах, паданнях, фальклорных творах, народных абрадах і традыцыях.