Прыказкавыя фонды генетычна і арэальна далёкіх моў на сённяшні дзень недастаткова вывучаны ў супастаўляльна–тыпалагічным плане. У артыкуле прадстаўлены вынікі параўнання беларускіх і вепскіх прыказак з выкарыстаннем сінхранічнага падыходу і структурна-семантычнага мадэлявання міжмоўных прыказкавых паралеляў. Мэта даследавання: устанавіць і дыферэнцаваць тыпалагічную агульнасць міжмоўных прыказкавых аналагаў беларускай і вепскай моў. Фактычным матэрыялам даследавання паслужылі 755 прыказак вепскай мовы і звыш 12 000 прыказак беларускай мовы. З вепскіх прыказак, абраных для аналізу, паралелі ў беларускай мове маюць 158 адзінак, з якіх 72 адзінкі (амаль кожная дзясятая вепская прыказка) з’яўляюцца аналагамі беларускіх прыказак.
Навуковая навізна даследавання заключаецца у першую чаргу ў самім факце супастаўлення вепскіх і беларускіх прыказак, а таксама ў прымяненні методыкі сінхранічнага падыходу з структурна–семантычным мадэляваннем для дыферэнцыяцыі тыпаў іх міжмоўных аналагаў. Вепскія прыказкі, якія маюць аналагі ў беларускай мове, дыферэнцуюцца па характары міжмоўнай агульнасці на некалькі тыпалагічна значных груп: універсальныя, інтэрнацыянальныя, агульныя з рускай мовай прыказкі, агульныя толькі для беларускай і вепскай моў. Вынікі і методыка іх атрымання ў далейшым могуць быць выкарыстаны для тыпалагічнага вывучэння прыказкавых фондаў іншых генетычна і арэальна далёкіх моў. Даследаванне выканана па заданні Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў (навуковы праект № 20231303).