Пытанні тэорыі і практыкі арфаграфіі маюць сёння не толькі навуковае, але і агульнанароднае значэнне. Добрая тэорыя будзе садзейнічаць павышэнню актыўнасці і значэння мовазнаўчай навукі ў жыцці грамадства, далейшаму ўдасканаленню моўнай практыкі народа, павышэнню культуры маўлення як вялікага фактара грамадскага развіцця і культуры сучаснага грамадства. Эфект тэарэтычнай арфаграфіі вымяраецца выйгрышам у часе і сілах вучняў і настаўнікаў пры вывучэнні арфаграфіі і граматыкі роднай мовы. Так, пры дапамозе новых методык і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій час, які затрачваецца на засваенне аднаго і таго ж матэрыялу, можа быць скарочаны больш чым у два разы, пры практычна 100 % засваенні.