Праблема сінаніміі ў тэрміналогіі на працягу дзесяцігоддзяў выклікае дыскусіі лінгвістаў, прычым не губляюць актуальнасці такія важныя пытанні, як месца і роля сінонімаў у тэрмінасістэмах, адрозненне тэрміналагічных сінонімаў ад лексічных, крыніцы і шляхі з’яўлення тэрмінаў-сінонімаў, іх класіфікацыя і інш. Нягледзячы на адсутнасць адзінага погляду, большасць сучасных даследчыкаў пагаджаюцца з думкай, што тэрміналогіі, як і мове, у цэлым уласціва сінанімія. В.А. Татарынаў сцвярджае, што чым вышэй узровень развіцця навуковай думкі, тым разнастайней яе выражэнне ў моўных формах.