На пачатковым этапе разгортвання Лютаўскай рэвалюцыі справай азнаямлення вяскоўцаў з палітычнай, харчовай, ваеннай і іншымі праграмамі Часовага ўрада мусілі займацца ўрадавыя, земскія і рэлігійныя ўстановы – па сродках адозваў, зваротаў, мітынгаў, сходаў і малебнаў. У ліку важнейшых задач, якія давялося вырашаць прадстаўнікам урадавых і цывільных службаў, на яшчэ не акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі ў сакавіку 1917 г., з’яўлялася прадухіленне стыхійных выступленняў вясковага насельніцтва, скіраваных на захоп памешчыцкай, дзяржаўнай і іншай уласнасці, што магло істотна адбіцца на ходзе пасяўной і на памерах сельгаснарыхтоўкі.