Артыкул прысвечаны гісторыі стварэння спартыўна-гімнастычнага руху ў асяроддзі беларусаў замежжа. Асаблівая ўвага ў даследаванні надаецца пытанням псіхалагічнай і фізічнай адаптацыі беларускіх эмігрантаў да гімнастычнай сістэмы, якая патрабавала ад кожнага студэнта высокага ўзроўню дысцыплінаванасці і арганізаванасці. Першая суполка «Беларускі Сокал» была заснавана ў Празе ў 1923 г. Першапачаткова заснавальнікамі арганізацыі сталі 14 студэнтаў, аднак
колькасць членаў «Беларускага Сокала» хутка павялічылася. Кандыдатам у члены арганізацыі чыталі курс лекцый пра маральнае і фізічнае выхаванне ў перыяд выпрабавальнага тэрміну. Ініцыятыву развіцця спартыўнага руху ў Чэхаславакіі падтрымалі беларускія настаўнікі ў Латвіі і Літве, якія спрабавалі развіваць ідэю гімнастычнай сістэмы для выхавання вучнёўскай моладзі. Саюз моладзі «Беларускі Сокал» спрыяў працэсу кансалідацыі нацыянальнай дыяспары, развіваў
актыўныя міжнародныя кантакты, папулярызаваў дзейнасць беларускай грамады ў розных краінах свету, дапамагаў беларускім студэнтам рэалізаваць свой фізічны і асобасны патэнцыял. Беларускія студэнты ў Чэхаславакіі прымалі ўдзел у канцэртах і вечарынах, якія рэгулярна праводзіліся ў Сакаліным Народным доме ў Празе. Прыкладам міжнароднага супрацоўніцтва беларускай гімнастычнай арганізацыі стаў удзел студэнтаў у свяце жаночага аддзела «Чэшскага Сокала» ў 1924 г. Інфармацыя пра навіны гімнастычнага таварыства рэгулярна публікавалася на старонках часопіса «Беларускі студэнт», які рыхтаваўся да друку ў Празе.