Артыкул прысвечаны аналізу парадыгматычных сувязей у беларускай тэрміналогіі лясной гаспадаркі. У рабоце прааналізаваны з’явы гіпаніміі, антаніміі, сінаніміі, варыянтнасці, полісеміі і аманіміі ў лесагаспадарчай тэрміналогіі. Адзначаецца, што гіпонімы праз прыёмы канкрэтызацыі і генералізацыі спрыяюць упарадкаванню
тэрмінаў у межах сістэмы і ажыццяўляюць тлумачэнне значэнняў. Выяўлена, што вядучая ўласцівасць гіпаніміі – магчымасць адной і той самай лексемы, якая з’яўляецца элементам таксанамічных адносін, выступаць і ў ролі гіпоніма, і ў ролі гіпероніма. У залежнасці ад колькасці прымет, па якіх адбываецца канкрэтызацыя родавога наймення, вылучаны гіпера-гіпанімічныя групы з паралельнымі, паслядоўнымі і камбінаванымі структурамі. Адзначана, што ў беларускамоўнай тэрміналогіі лясной гаспадаркі вылучаюцца фармальна-семантычныя і ўласна семантычныя гіпанімічныя сувязі. У беларускай тэрміналогіі лясной гаспадаркі выяўлены наступныя групы тэрмінаў-антонімаў: контрадыкторныя, кантрарныя, вектарныя. У межах аналізуемай тэрмінасістэмы рэалізуецца антанімія лексічнага і словаўтваральнага тыпаў. Прааналізаваны віды тэрміналагічных сінонімаў па структурнай характарыстыцы (лексічныя, лексіка-сінтаксічныя, сінтаксічныя). Выяўлена, што ў прааналізаванай тэрміналогіі прадстаўлены тэрміны-варыянты некалькіх відаў: фанетыка-фанематычныя, акцэнтуацыйныя, марфалагічныя,
словаўтваральныя. Разглядаюцца з’явы полісеміі і аманіміі ў лесагаспадарчай тэрміналогіі. Адзначана, што ў аналізуемай галіне прысутнічаюць мнагазначныя тэрміны, якія выходзяць за межы спецыяльных галін ведаў, міжсістэмныя, а таксама ўнутрысістэмныя полісеманты. У параўнанні з полісеміяй аманімія ў беларускай лесагаспадарчай тэрміналогіі не атрымала пашырэння